КА́РЛІКАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць ненармальна малыя памеры параўнальна з характэрнымі для пэўнага віду. Карлікавасць выклікаецца рознымі прычынамі: неспрыяльнымі глебава-кліматычнымі фактарамі (тундра, высакагор’е), недастатковым жыўленнем, недахопам вільгаці, прышчэпліваннем пладовых дрэў на нізкарослыя прышчэпы, вырошчваннем сеянцаў у кошыках з ушчыльненай глебай. У флоры Беларусі ёсць віды, якім у прыродных умовах уласцівы невял. (у параўнанні з роднаснымі відамі) памеры (бяроза карлікавая, брызгліна карлікавая і інш.). Вырошчваюць К.р. (хвоі, клёны, елкі і інш.) як дэкар., для бардзюраў, альпінарыяў, выкарыстоўваюць у пладаводстве. Культура К.р. пашырана ў Японіі.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)